ВЕЛІЧ
У маім даследаванні часцей за ўсё, апісваючы Еўфрасінню Полацкую, беларусы выкарыстоўвалі словы "ВЕЛІЧ", "Асвета" i "Фемiнiстка".
Ці маглі яны ведаць адна адну? Ці маглі б мы падумаць, што гэтыя славутыя жанчыны змогуць апынуцца разам на адной карціне беларускай мастачкі ў Грузіі? На першы погляд гэта фантастычна, але іх аб’ядноўвае моц, веліч веры і каласальны ўплыў на лёс краіны.
Так, святая Еўфрасіння Полацкая, нябёсная ахоўніца зямлі беларускай, вылучалася сваёй пабожнасцю, дабрачыннасцю і розумам. Стварыла манастыр, які стаў уплывовым адукацыйным і рэлігійным цэнтрам, перадавую майстэрню перапісу кніг і пісала рэлігійныя тэксты і малітвы, а крыж па яе замове – наш скарб і сімвал веры.
Царыца Тамар славутая сваім выключным кіраўніцкім талентам, дзякуючы якому Сакартвэла перажыла свой росквіт у 12 стагоддзі. «Я айцец сірых і суддзя ўдоў», — казала пра сябе Тамар Мепе, праўленне якой лічыцца залатым часам грузінскай гісторыі, а яе асоба ўвасабляе мудрасць і моц грузінскага народа.